Да галоўнай спартыўнай падзеі гэтага году — ІІ Гульняў краін СНД — засталося два месяцы. Да спаборніцтваў актыўна рыхтуюцца як маладыя спартсмены, так і іх трэнеры. А спартыўныя федэрацыі ўсяляк ім у гэтым дапамагаюць. Беларуская федэрацыя баскетбола і Беларуская федэрацыя гандбола пры падтрымцы гандбольнага клуба «СКА-Мінск» правялі семінар па агульнафізічнай падрыхтоўцы для спецыялістаў, якія працуюць з юнымі дараваннямі. Гульнявыя віды спорту паспяхова паміж сабой узаемадзейнічаюць, агульнафізічная падрыхтоўка важная для ўсіх, спецыялісты па гэтай тэме ёсць. Нічога не перашкаджала арганізаваць такі семінар, тым больш, зацікаўленасць вельмі высокая. 

«Нядаўна трэнеры па гульнявых відах спорту скончылі Вышэйшую школу трэнераў. У час навучання выявілася праблема агульнафізічнай падрыхтоўкі спартсменаў, якія ўваходзяць у састаў нацыянальных каманд. Першапачаткова мы разлічвалі правесці гэты семінар для дзіцячых трэнераў і тых, хто працуе з падлеткамі. І меркавалі, што іх будзе чалавек 20-25. Але, як толькі аб’явы з’явіліся на сайтах і ў сацсетках, пасыпаўся шквал заявак з усёй краіны, падключыліся трэнеры з валейбола і хакея», — расказала генеральны сакратар-выканаўчы дырэктар Беларускай федэрацыі баскетбола Настасся Марыніна.

Новыя карысныя веды калегам даносіў Вадзім Сашурын — трохразовы чэмпіён свету па біятлоне, чэмпіён Еўропы, уладальнік дзевяці медалёў чэмпіянату свету. Пасля заканчэння спартыўнай кар’еры Вадзім Сашурын стаў трэнерам па агульнафізічнай падрыхтоўцы. Ён працаваў з жаночай нацыянальнай камандай па баскетболе. Гэты спецыяліст унёс значны ўклад у падрыхтоўку другой тэнісісткі свету Арыны Сабаленка. Зараз Вадзім Сашурын — трэнер па фізічнай падрыхтоўцы гандбольнага клуба «СКА-Мінск». Менавіта ён праводзіў заняткі ў Вышэйшай школе трэнераў. Слухачы нават не хацелі развітвацца з лектарам.

 

Падчас семінару Вадзім Сашурын правёў яшчэ і лекцыю, дзе расказваў не толькі аб момантах, звязаных з агульнафізічнай падрыхтоўкай, але і аб неабходнасці медыцынскага кантролю формы спартсменаў. Агульная фізічная падрыхтоўка — аснова асноў у любым відзе спорту. І зразумела, што масіў інфармацыі, прысвечаны ёй, вельмі вялізны. «У рамках першага семінара я закрануў праблемныя пытанні — асновы біямеханікі, працу з тазам. Я даў самыя асноўныя і папулярныя практыкаванні, а насамрэч іх тысячы. Я хачу, каб у трэнераў было разуменне, што гэта важна, што шмат у каго ёсць недахопы, звязаныя з гэтым пытаннем, а значыць, ёсць над чым папрацаваць. Няхай нават на трэніроўках яны будуць даваць дзясятую частку з таго, што я сёння ім патлумачыў. Але, прынамсі, яны будуць разумець, што гэты кірунак правільны і пра яго нельга забываць, » – расказаў Вадзім Сашурын. Ён таксама адзначыў, што агульная фізічная падрыхтоўка – важная частка жыцця не толькі спартсменаў, але і кожнага чалавека, паколькі ад яе залежыць пытанне нашага здароўя.

Вадзім Сашурын прызнаўся, што праца ў знакамітым клубе «СКА-Мінск» прыносіць яму задавальненне. «Я лічу, што для Беларусі гэта –ўнікальны прыклад, калі лагічна і паслядоўна выбудавана сістэма падрыхтоўкі спартсменаў. Для гульцоў гэта – вельмі важна. І я ганаруся, што працую ў такім клубе. У гэтай каманды багатыя традыцыі. Я за ўсё сваё жыццё ў спорце шмат бачыў. І гэты сплаў ідзе нам у плюс», — заўважыў ён. Біятлоннае мінулае на забываецца, таму трэнер па фізічнай падрыхтоўцы зімой абавязкова адпраўляе гандбалістаў катацца на лыжах: гэта класіка агульнафізічнай падрыхтоўкі, карысная для кожнага. «Гандбалісты з пачаткам зімы не выходзяць з залы. А лыжы – адзіны від, якім яны могуць зімой займацца, не будуць жа спартсмены паўгода сядзець у зале. Праўда, лыжы і палкі часта псуем, але як без гэтага», — расказвае Вадзім Сашурын.

«Мы ўбачылі вялікую зацікаўленасць нашых трэнераў: на семінар прыехала больш за 100 спецыялістаў. Сумесна з клубам «СКА-Мінск» і Беларускай федэрацыяй гандбола мы будзем працягваць гэтыя семінары, бо за адзін раз немагчыма перадаць той багаты досвед, які ёсць у Вадзіма Леанідавіча», — адзначыла Настасся Марыніна.

Валерыя СЦЯЦКО, «Звязда»

Фота Лізаветы ГОЛАД