Дар’я Лабажэвіч, газета «Звязда»
Іван Броўка адкрыта і з гумарам расказвае пра сваё жыццё ў гандболе і за яго межамі.
Практычна 20 гадоў ён выступае за нацыянальную зборную, а вось у яго клубнай біяграфіі было не так шмат камандаў — мінскі СКА, «Дынама», украінскі ЗТР і нямецкі «Мельзунген». Шмат у каго менавіта з прозвішчам Броўка асацыюецца беларускі гандбол, тым не менш Івана з лёгкасцю можна занесці ў спіс самых негаварлівых (з журналістамі) спартсменаў краіны, хоць ён заўсёды быў улюбёнцам публікі. Сёння Броўка перарваў сваё маўчанне і расказаў пра галоўныя этапы сваёй кар’еры, легіянерскі лёс і пра тое, як пачынаўся яго шлях у гандболе.
— У школе, у класе 3—4-м глядзеў, як гуляюць старэйшыя хлопцы, потым трэнер і мяне запрасіў на заняткі. Прыйшоў, паспрабаваў, мне спадабалася, хоць тады мы гулялі, мусіць, ва ўсе віды спорту, — расказвае Іван. — Пасля 8 класа мяне ўжо перавялі ў іншую школу ў спецыяльны гандбольны клас.
— Бацькі актыўна прымалі ўдзел у вашым станаўленні як спартсмена?
— Яны да гэтага часу ўдзельнічаюць, ходзяць на ўсе мае гульні, што адбываюцца ў Мінску. Калі быў малады, у нас нават адбылася размова пра тое, што мне не падабаецца іх прысутнасць на трыбуне. Ведаю, што на гульнях мама заўсёды п’е заспакаяльныя, дагэтуль так і не змог нічога з гэтым зрабіць, застаецца толькі гуляць як мага лепш, каб таблетак было менш (усміхаецца). А тады, у спецкласе, моцна ўпала мая вучоба, таму бацькі былі супраць гандбола, але мне ўдалося выправіцца.
— Васьмікласнік Іван Броўка адрозніваўся чымсьці ад сваіх аднагодкаў?
— Быў маленькім, худзенькім — калі толькі гэтым. Трэніраваўся, стараўся, і з часам у мяне стала нешта атрымлівацца ў гандболе. У юным узросце нават падумаць не мог, што гэтая гульня зацягне мяне надоўга. Прафесійны ўзровень пачаўся дзесьці з 17 гадоў, калі я трапіў у СКА.
— Як гэта адбылося?
— А вось тут цікавая гісторыя. Пасля таго як мы выйгралі серабро на юніёрскім чэмпіянаце свету, планавалася, што ўсе хлопцы з нашай зборнай, а гэта, можна сказаць, «Аркатрон-2», паступяць у адну навучальную ўстанову і працягнуць гуляць разам. Але, як той казаў, штосьці пайшло не так. Самых перспектыўных забралі ў аснову «Аркатрона», а астатнім, у тым ліку і мне, сказалі: «Выбачайце, шукайце сабе клубы». Па вялікім рахунку мы аказаліся нікому не патрэбныя, многія таленавітыя хлопцы тады скончылі з гандболам, наш 80-ы год знік. І ў СКА таксама з распасцёртымі абдымкамі мяне ніхто не чакаў.
Муж сястры тады працаваў у аэрапорце, а каманда Мірановіча ляцела на нейкую гульню, Уладзімір падышоў да Спартака Пятровіча і спытаў: «Вы Броўку ведаеце?» Мірановіч адказаў станоўча, на што швагер сказаў: «Дык забірайце яго да сябе!» Яны дамовіліся, што па прылёце Уладзімір прыйдзе на трэніроўку СКА для размовы. У выніку Спартак Пятровіч дазволіў мне паспрабаваць свае сілы ў СКА.
— Першая трэніроўка з армейцамі вас, напэўна, уразіла.
— Вядома, мы тады з Андрэем Курчавым былі самыя маладыя — 17—18 гадоў, астатнім хлопцам па 22—23. Сустрэлі нас, як звычайна сустракаюць маладых, ганялі па поўнай праграме, па-спартыўнаму выхоўвалі. Заўсёды так было. Але калі працаваў, стараўся, выкладваўся на ўсе 100%, то старэйшыя цябе толькі падтрымлівалі, а вось калі сачкаваў, вядома, даставалася.
Наогул, за сваю кар’еру мне пашчасціла пагуляць з вялікімі гандбалістамі — Канстанцінам Шараваравым, Міхаілам Якімовічам, Андрэем Барбашынскім, Андрэем Парашчанкам.
— У СКА ўпершыню пачалі атрымліваць зарплату?
— Да гэтага на зборах нам давалі нейкія грошы — сутачныя, на марожанае можна сказаць. А ў 17 у СКА я атрымаў сваю першую зарплату. Здавалася, гэта такія вялікія грошы, што я не ведаў, што з імі рабіць. Мама з татам разам зараблялі прыкладна столькі ж. Пасля ўжо пачаў адкладваць на сваю першую машыну.
— Як склаўся ваш першы легіянерскі вопыт?
— Праз 5 гадоў гульні ў СКА паўстала дзве прапановы — Славенія і Украіна. Выбраў запарожскі ЗТР, усё ж там была магчымасць пазбегнуць моўнага бар’ера, плюс з многімі ў гэтым клубе я быў ужо знаёмы. Не памятаю нават назву славенскага клуба, але ведаю, што з часам ён разваліўся, таму выбар я дакладна зрабіў правільны. У ЗТР даволі хутка ўліўся ў калектыў, нават не адчуў асабліва, што гэта іншая краіна. У камандзе былі партнёры, заўсёды гатовыя падтрымаць.
— З Германіяй усё было па-іншаму?
— Ва Украіне прапаноўвалі яшчэ застацца, я пагуляў там тры гады, але мне хацелася штосьці памяняць, да таго ж я ўсё жыццё марыў гуляць у Германіі, у Бундэслізе. Доўга размаўлялі з агентам, я быў гатовы на любыя ўмовы, нават ехаць на прагляд за свае грошы. Так і атрымалася, было 3—4 клубы для прагляду, але прыехаў у першы «Мельзунген» і застаўся там на доўгія 6 гадоў.
З пачатку было вельмі цяжка. У першую чаргу моўны бар’ер, дома тры месяцы штодня займаўся з рэпетытарам, а калі ў Германіі мяне сустрэлі ў аэрапорце і нешта пачалі расказваць, я не разумеў ні слова. Ну і, вядома, у немцаў зусім іншыя менталітэт і ўклад жыцця. Паціху ўліўся, прывык. Цяпер у мяне там засталося шмат добрых сяброў.
— А калі браць гульнявы складнік, усё атрымлівалася?
— У цэлым мне падабалася ў гэтым клубе. Калі я прыйшоў, «Мельзунген» толькі прабіўся ў Бундэслігу і рабіў там першыя крокі. Потым па вялікім рахунку заўсёды быў недзе ў сярэдзіне, а цяпер стабільна добра выступае. Адразу ў мяне не было шмат гульнявога часу, усё прыходзіла паступова, гуляў па 15 хвілін, потым 30. Але былі перыяды, калі сядзеў на лаўцы і нават на трыбуне. Гэта вельмі непрыемна, цяжка пераадолець псіхалагічна, але я неяк перажыў і дамогся таго, каб трэнер мне давяраў.
— Чаму пасля шасці гадоў у Германіі вы ўсё ж такі вырашылі паехаць?
— Было шмат спадарожных момантаў. Прыйшоў новы трэнер і пачаў будаваць іншую каманду. Мы пагаварылі з ім сумленна і адкрыта. Ён сказаў, што я падабаюся кіраўніцтву і нават яму, але ёсць немец, які будзе першым нумарам, яшчэ два маладыя будуць аспрэчваць другое месца, а я трэці ў складзе на сваёй пазіцыі. Фактычна гэта значыць, што на пляцоўку я выходзіць амаль не буду. На той момант мне было 31—32, вядома, хацелася яшчэ гуляць. Была прапанова застацца ў Германіі, я доўга думаў над гэтым. Дачка хадзіла там у дзіцячы садок, ужо цалкам размаўляла на нямецкай мове, некаторыя яе фразы не разумеў нават я, таму трэба было вырашаць, альбо мы застаёмся ў Германіі назаўжды, альбо назаўжды пераязджаем у Беларусь. Вырашылі вярнуцца, таму што заўсёды хацеў жыць у сваёй краіне, вельмі люблю Мінск. Калі вяртаўся, работнікі на мяжы мяне пазналі, убачылі перагружаную рэчамі машыну і відавочна не зразумелі мой выбар, сказаўшы: «Ваня, усе наадварот спрабуюць з’ехаць, а ты вяртаешся…»
— Так у вашай кар’еры з’явілася мінскае «Дынама». З якімі эмоцыямі ўспамінаеце той перыяд?
— Толькі са станоўчымі, мне там вельмі падабалася. Падабраўся добры калектыў, трэнерскі штаб, кіраўніцтва, але ўсё змянілася, калі прыйшоў Дэніч.
— Вы вярнуліся ў родны СКА і не гледзячы падпісалі кантракт.
— Так яно і было. Я проста спытаў, дзе падпісаць. І ў гэтым годзе кантракт не чытаў, калі падаўжалі. У нас з Паўлам Галкіным і Андрэем Крайновым быў і ёсць поўны давер.
— Вы 19 гадоў запар выступаеце за зборную. Як ставіцеся да гульняў за нацкаманду?
— Тыя пачуцці, якія адчуваеш, гуляючы за зборную, цяжка апісаць словамі. За краіну выступаць заўсёды цяжка, таму што гэта зусім іншая адказнасць.
— «Калі надзяваеш форму, ты становішся іншым чалавекам».
— Гэта мае словы (смяецца). Сапраўды, на пляцоўцы і ў жыцці я зусім розны. У гульні раблюся агрэсіўным, па-спартыўнаму злым. У жыцці я таксама, вядома, не падарунак, але, напэўна, усё ж такі менш эмацыянальны.
— Іван Броўка — самы вядомы гандбаліст у Беларусі?
— Не, у нас столькі алімпійскіх чэмпіёнаў! А калі казаць пра сучаснасць, то, думаю, Сяргей Рутэнка па-за канкурэнцыяй.
— А па тым, як вас вітаюць трыбуны, здаецца, што вы.
— Проста Сяргей не так доўга гуляў у Беларусі. Заўсёды вельмі прыемна, калі за мяне хварэюць, праяўляюць сімпатыю. Дзякуй за гэта. Да мяне і з крытыкай падыходзяць, выдатна на гэта рэагую, можа нават лепш, чым на пахвалу.
— Пасля матчаў вы заўсёды першым стараецеся пакінуць пляцоўку.
— Так, проста я не люблю падвышаную ўвагу да сябе, за гады сваёй кар’еры я да яе так і не прывык.
— І вельмі рэдка размаўляеце з журналістамі…
— Гэта звязана з маім характарам, не люблю выносіць асабістае і спартыўнае жыццё на паказ. Хаця я спрабаваў сябе ў ролі журналіста ў сумесным праекце з футбольным клубам БАТЭ, можна сказаць, пабываў у вашай «шкуры», разумею, што непрыемна чуць адмову, але не магу нічога з сабой зрабіць.
— Ёсць мара ў гандболе, якую вам пакуль так і не ўдалося спраўдзіць?
— Я выдатна разумею, да чаго вы хіліце. У кожнага спартсмена ёсць гэтыя мары — Алімпійскія гульні, Ліга чэмпіёнаў. Але трэба рэальна глядзець на рэчы, калі яны дасягальныя і калі не. Бывае так, што мары застаюцца толькі марамі.
— Ці былі моманты, калі хацелася завяршыць кар’еру?
— Часам пасля няўдалых гульняў хочацца гэта зрабіць, але трэба памятаць, што пасля дрэнных матчаў заўсёды здараюцца добрыя, а пасля іх гуляць хочацца яшчэ больш.
— Што сёння ўтрымлівае вас у гандболе?
— Я раблю тое, што люблю, думаю, без яго мне будзе складана.
— Неяк казалі, што сакрэт вашага даўгалецця ў спорце — гэта добрае аднаўленне. Які адпачынак для вас самы лепшы?
— Безумоўна, гэта час, праведзены з сям’ёй. Дома мы стараемся як мага менш размаўляць пра гандбол, таму што яго і так вельмі шмат у маім жыцці, хоць, вядома, без такіх гутарак не абыходзіцца.
— Хто сёння вашыя сябры?
— Я ўмею знаходзіць агульную мову з людзьмі — і з дарослымі, і з маладымі, таму маю зносіны не толькі са спартсменамі. З гандбалістаў у добрых адносінах з Сяргеем Рутэнкам, Андрэем Курчавым, які цяпер у Германіі, з Аляксандрам Пацыкайлікам.
— Што значыць для вас 37?
— Падвышаная тэмпература цела або спякота на вуліцы (смяецца), але гэта дакладна не мой узрост. Пасля дрэннай гульні адчуваю сябе на ўсе 55, а на самай справе, вядома, я не адчуваю сябе на свае гады. Вядома, сёння я аднаўляюся даўжэй, чым маладыя гульцы, трэнеры гэта разумеюць і ідуць мне насустрач, дзесьці больш даюць адпачыць. Дзякуй ім за гэта.
— Што б вы сказалі сабе 18-гадоваму?
— Нічога. Мне здаецца, у сваёй кар’еры я рабіў правільны выбар, у тым ліку дзякуючы старэйшым таварышам, прымаў верныя рашэнні.
Біяграфічная даведка
Прафесійную гульнявую кар’еру Іван Броўка пачаў у 17-гадовым узросце ў мінскім СКА. У чэрвені 2002 года ў рангу найлепшага бамбардзіра беларускага першынства падпісаў кантракт з украінскім ЗТР. У складзе запарожцаў тройчы станавіўся чэмпіёнам Украіны. Улетку 2005-га перайшоў у стан пачаткоўца элітнага дывізіёна чэмпіянату Германіі — клуба «Мельзунген». Пасля шасці сезонаў, праведзеных у сераднякоў нямецкай Бундэслігі, вярнуўся на радзіму, дзе выступаў за сталічныя «Дынама» і СКА (з сакавіка 2014 года).
У нацыянальнай зборнай дэбютаваў 21 кастрычніка 1998 года ў матчы адборачнага турніру чэмпіянату свету — 1999 супраць зборнай Славеніі. Удзельнік трох чэмпіянатаў свету (2013, 2015, 2017) і трох чэмпіянатаў Еўропы (2008, 2014, 2016). У 2000 годзе стаў сярэбраным прызёрам маладзёжнага першынства Еўропы.