Да перамог балельшчыкі і спартсмены прывыкаюць хутка. Як было б выдатна, калі б гучныя перамогі беларускага гандбола 1980-х гадоў не заканчваліся. Але, на жаль, у сярэдзіне 1990-х у Беларусі — час спаду ручнога мяча. Краіны, якая выгадавала восем алімпійскіх чэмпіёнаў, не аказалася ў гандбольным турніры Алімпійскіх гульняў 1996 года. У беларускай зборнай не атрымалася ў 1/8 фіналу чэмпіянату свету 1995 года абгуляць немцаў, шлях у Атланту ім быў замоўлены. Пачаўся канец цудоўнай эпохі. Папулярнасць ручнога мяча ў краіне імкнулася да нуля, дзверы ў дзіцячыя школы адчыняліся рэдка, клубы прайгравалі камандам, над якімі калісьці смяяліся. Гандбол трэба было ратаваць. Гэта ноша лягла на плечы старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Мікалаевіча Канаплёва, які ў 2006 годзе ўзначаліў Беларускую федэрацыю гандбола. У спорце, як і ў заканатворчай дзейнасці, дробязяў не бывае. Таму работа над адраджэннем гандбола пачалася з невялікіх, але важных крокаў — з дзіцячага спорту, запрашэння спецыялістаў, вяртання ў родныя пенаты найлепшых гульцоў. Праз два гады, у 2008 годзе, беларуская зборная прабілася ў фінальную стадыю чэмпіянату Еўропы, а ў 2013-м выйшла ў плэй-оф чэмпіянату свету. Стала зразумела, што айчынны гандбол ідзе правильным курсам.

Сёння мільёны людзей назіраюць за падзеямі ў свеце ручнога мяча, глядзяць матчы, хварэюць за любімыя каманды, сярод якіх, спадзяёмся, і беларускія. Але толькі адзінкі ведаюць, якую працу трэба прарабіць не толькі трэнерам і спартсменам, але і функцыянерам, каб каманда ў сем чалавек правяла два таймы па 30 хвілін. А Уладзімір Мікалаевіч Канаплёў ведае гэта як ніхто іншы.

— Уладзімір Мікалаевіч, вы займаліся гандболам падчас вучобы ў Магілёўскім педагагічным інстытуце, затым адышлі ад яго, але ўжо 16 гадоў кіруеце айчынным гандболам. Цікавы паварот, цi не так?

— Сапраўды, лёс цікава паярнуўся. Хоць, маім першым відам спорту быў валейбол. У маёй роднай вёсцы Сухары была невялікая спартзала, якая ў 1960-я гады лічылася вельмі добрай. Па цяперашніх мерках яна, вядома, ніякая: дзевяць на васямнаццаць метраў, нізкія столі. Але нам гэтага хапала, каб гуляць у валейбол. Паступіўшы ў Магілёўскі педінстытут, я адразу запісаўся ў секцыю валейбола. А праз месяц пасля пачатку заняткаў нашага трэнера забралі ў армію. Мой сваяк пазнаёміў мяне з Ігарам Карпавічам Рабчанкам, найлепшым гандбольным трэнерам нашага педінстытута. Выдатны спецыяліст і фенаменальны чалавек, які ў 85 гадоў 22 разы падцягваецца. Дзякуючы яму, гандбол у Магілёўскім педінстытуце быў папулярнай гульнёй і каманды ў нас былі вельмі моцныя. Нездарма ж у той час гандбол лічыўся гульнёй студэнцкай. Як правіла, у фінал чэмпіянату Магілёўскага педінстытута выходзілі каманды геафака і гістфака. За геафак гуляў я, а за гістфак — Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. І мы ўвесь час прайгравалі гістфаку 1-2 мячы. Хлопцы нават жартавалі, што гэта таму, што Ігар Карповіч выкладае на гістфаку. Але калі сур’ёзна, то ўсё было вытлумачальна. З геафака сур’ёзна гандболам займалася некалькі чалавек, астатнія хлопцы проста гулялі для сябе. А вось інстытуцкая каманда была дастаткова моцнай. Мы рэгулярна прыязджалі на спаборніцтвы ў Мінск, гулялі супраць моцнага «Палітэха». Менавіта тады я ўпершыню ўбачыў Спартака Пятровіча Мірановіча — сімпатычнага невысокага мужчыну, чыйго погляду баяліся ўсе, каго ён трэніраваў.

— У вас не было думкі будуваць спартыўную кар’еру?

— Падчас вучобы ў інстытуце я выканаў нарматыў на другі спартыўны разрад. І на гэтым разам з заканчэннем інстытута скончылася мая спартыўная кар’ера. Для таго, каб прафесійна займацца спортам, трэба быць лепшым, выдатным гульцом. Я быў звычайным сярэднячком і нічым сярод іншых не вылучаўся. Яшчэ 15 гадоў пасля заняткаў гандболам сінякі схадзілі, бо ўвесь час ці сам падаў, ці штурхалі. Скажу шчыра, падчас самых адказных матчаў я сядзеў на лаўцы. Пра якую прафесійную кар’еру ў такім выпадку магла ісці гаворка? Але маё захапленне гандболам падарыла мне карысны вопыт. Я ведаю асновы гэтага спорту, я бачыў яго знутры, і я цудоўна разумею сутнасць гульні. Мяне ў гандболе ніхто не можа падмануць. Я прайшоў гандбольную школу не на трыбунах, а на пляцоўцы. Відаць, не проста так у 2006 годзе Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка падказаў спартыўным кіраўнікам прапанаваць Канаплёву ўзначаліць федэрацыю. Прэзідэнт выдатна разбіраецца ў спорце і разумее, што кіраўнік спартыўнай федэрацыі павінен сам прайсці праз свой від спорту. І мяне ён даўно ведае. Геафак і гістфак Магілёўскага педінстытута разам жылі ў інтэрнаце. А студэнты ў інтэрнаце заўсёды жывуць дружна. Калі Аляксандр Рыгоравіч стаў дэпутатам Вярхоўнага Савета, прызначыў мяне сваім памочнікам. Так што, згаджаючыся на пасаду старшыні Беларускай федэрацыі гандбола, я разумеў, якія патрабаванні перада мной стаяць.

— Вы прыйшлі ў федэрацыю, калі ў гандболе быў абсалютны застой. Як гэта, ісці кіраваць сферай, дзе праблем больш, чым поспехаў?

— Я прыйшоў у федэрацыю гандбола, калі ў касе федэрацыі было пяць тысяч рублёў ці на той час два з паловай долара. Як можна развіваць спорт, маючы два з паловай долара? Але я прыйшоў у федэрацыю і заявіў, што праз год мы станем алімпійскімі чэмпіёнамі. Гэта было ў духу майго характару, але праз некаторы час я разумею, што гэта быў сапраўдны непрафесіяналізм. Мы закаталі рукавы і пачалі працаваць. Нацыянальную зборную ўзначальваў Спартак Пятровіч Мірановіч. Але ён ужо быў у шаноўным узросце, і я разумеў, што трэба дадаткова прыцягваць маладыя кадры. Запрасілі Георгія Свірыдзенку — алімпійскі чэмпіён, адказны, прыстойны чалавек. Але праца ў нас не склалася. І якраз так сышліся зоркі, што Юрый Шаўцоў у Германіі застаўся не пры справе. Запрасіўшы Шаўцова ў зборную, я не памыліўся. Юрый — трэнер сусветнага ўзроўню, што ён неаднаразова даказваў на практыцы. Калі на сцэне ўсіх падзей з’явіўся Юрый Шаўцоў ужо як трэнер, а не як гулец, у беларускага гандбола адкрылася другое дыханне.

— Вам у заслугу ставяць і вяртанне ў беларускую сборную Сяргея Рутэнкі, на той момант самага моцнага і дарагога гандбаліста. Як вам гэта ўдалося?

— Вярнуць Сяргея дадому з Іспаніі было рэальна складана. Патрэбна была згода Іспанскай федэрацыі гандбола і міжнароднай. А ў той час у Еўрапейскай федэрацыі быў падзел на розныя фракцыі. Краіны паміж сабой аб’ядноўваліся. Я, як былы дэпутат, разумеў, што яны, як лебедзь, рак і шчупак, цягнуць коўдру на сябе. І калі я стаў еўрапейскіх калег прасіць падпісаць наш зварот да іспанскай федэрацыі, яны міла мне паківалі і адышлі ў бок. І толькі прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі гандбола Хасан Мустафа дапамог вырашыць усе юрыдычныя нюансы, каб Сяргей Рутэнка мог спакойна гуляць за нацыянальную зборную. Былі розныя перыпетыі, але мы іх прайшлі. Часам да мэты крывая прыводзіць хутчэй, чым прамая. Спалучэнне трэнера Шаўцова і гульца Рутэнкі, тандэм гэтых прафесіяналаў сваёй справы далі нам магчымасць выбіцца ў фінальную частку чэмпіянату Еўропы, а затым і свету.

— Дзякуючы вам на пляцоўку вярнуўся і алімпійскі чэмпіён Андрэй Барбашынскі. Чаму гэта было неабходна?

— Акрамя работы з нацыянальнай камандай, на пачатковым этапе стаяла яшчэ адна важная задача — адраджэнне клубаў. Я сам магіляўчанін, хацелася адрадзіць гандбол у родным горадзе. Стварылі клуб «Машэка». Але для таго, каб каманда зайграла, патрэбен быў чалавек, за якім хлопцы б пайшлі. Такім чалавекам стаў Андрэй Барбашынскі. Андрэй — чалавек просты з прынцыпам «трэба — значыць трэба». Яму на той момант было 36 гадоў, ён ужо скончыў гуляць. Але для агульнай справы пагадзіўся вярнуцца на пляцоўку. Андрэй схуднеў на 18 кілаграм, трэніраваўся нароўні з маладымі хлопцамі, разам з імі спаў у спартыўнай зале, таму што ўмоў ніякіх не было. І ён стаў тым самым стрыжнем каманды, якая пасля нядрэнна гуляла ва ўнутраным чэмпіянаце. Андрэй адыграў вялікую ролю ў нашым гандболе не толькі як алімпійскі чэмпіён, але і як чалавек, дзякуючы якому ў краіне з’явілася яшчэ адна нядрэнная каманда. І, што асабліва прыемна, ён і сёння хварэе за гандбол. У Андрэя свой бізнес, але шмат асабістых сродкаў ён укладвае ў турнір у Ашмянах, дапамагае дзіцячым школам. Ён сапраўдны патрыёт сваёй краіны, свайго віду спорту. Мне гэта імпануе, таму мы хутка знайшлі агульную мову.

— Спартак Мірановіч сцвярджае, што ў беларускіх клубах павінны быць беларускія гульцы. Але сёння клубы могуць дазволіць сабе легіянераў, калі на гэта ёсць сродкі, і перамагаць з іх дапамогай. Уладзімір Мікалаевіч, які падыход вам бліжэйшы?

— Як кіраўнік і проста як чалавек неабыякавы да гандбола, я цалкам падтрымліваю Спартака Пятровіча. Беларусы, балканцы, шведы — усе зроблены з аднаго мяса, з адных костак. Значыць, трэба выбудаваць працу так, каб нашы хлопцы хутчэй за ўсіх бегалі, вышэй за ўсіх скакалі, каб у іх былі самыя лепшыя камбінацыі. І тады нашым клубам не патрэбны будуць замежныя гульцы. У савецкі час чэмпіянат СССР было больш складана выйграць, чым чэмпіянат Еўропы ці свету. І пры гэтым усе гулялі сваімі хлопцамі, ніхто не думаў аб замежніках. Цяпер усё змянілася і многія сталі думаць, што замежныя гульцы абавязкова выведуць каманду наперад. У адзін не выдатны момант я ўбачыў, што ў некаторых камандах ёсць засілле легіянераў, а раўнацэнных нашых гульцоў некаторыя трэнеры спецыяльна не выпускаюць на пляцоўку. Тады мы пайшлі па еўрапейскіх стандартах. Па законах еўрапейскай федэрацыі, на гульнях унутранага чэмпіянату нельга выпускаць на пляцоўку больш чым двух замежных гульцоў. Я пашырыў да трох. І сталі гуляць нашы хлопцы. Я нічога дрэннага ў легіянерах не бачу, некаторым беларускім хлопцам трэба імкнуцца да ўзроўню замежных гульцоў. Але лічу, што асновай беларускіх камандаў павінны быць беларускія гандбалісты. Гэта робіць гульню клубаў цікавейшай для сваіх жа гледачоў, умацоўвае зборную. Для таго, каб развіваць нацыянальны від спорту, трэба гадаваць сваіх гульцоў. Гэта аксіёма.

— Але для гэтага патрэбныя школы і трэнеры па ўсёй краіне…

— У краіне гандболам займаецца каля сямі тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак. У Мінску працуе школа Спартака Мірновіча, Гарадскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі. У Гомелі і Бабруйску добрыя школы. Нашы лідары Арцём Каралёк, Кірыл Самойла — з Гродна. Калі я пачаў працаваць, мы сутыкнуліся са зменай пакаленняў сярод трэнераў. Старэйшае пакаленне адыходзіла, а маладыя спецыялісты яшчэ не былі гатовы. Мы правялі вялікую працу, арганізавалі шмат семінараў, запрашалі замежных спецыялістаў. Міністэрства спорту, Нацыянальны алімпійскі камітэт, Прэзідэнцкі спартыўны клуб нам тады моцна дапамагалі. Сумеснымі намаганнямі мы падрыхтавалі маладых хлопцаў, якія зараз нядрэнна трэніруюць спартсменаў. Андрэй Мачалаў быў найлепшым гульцом у БГК, зараз кіруе гомельскім клубам. Дзмітрый Ціхан набраўся вопыту ў Польшчы, зараз яго ў БГК перадае моладзі. У Андрэя Крайнава ў СКА ўвогуле ўсё класна, ён добры гаспадар у сваім клубе. З ім працуюць Ігар Папруга, Сяргей Шыловіч, Дзіма Нікуленкаў, Ваня Броўка — усе нашы хлопцы. З былых нядрэнных ігракоў мы падрыхтавалі маладое пакаленне класных трэнераў.

— Уладзімір Мікалаевіч, а што рабіць з жаночым гандболам? Тут, на жаль, не ўсё так добра, як у мужчын.

— Вельмі хвалюе ўзровень жаночага гандбола. Гэта перш за ўсё мая віна і трэнераў ад дзіцячых каманд да зборнай. Асноўная праблема жаночага гандбола — спецыялісты і падбор спартсменаў. Пакуль не склалася. Для таго, каб каманда проста прабілася ў фінальную стадыю чэмпіянату міру і Еўропы, уся федэрацыя павінна прыкласці максімум намаганняў. Гэта вялізная праца, якая патрабуе часу. Дзяўчаты ў нас малайцы: імкнуцца як могуць. Але то з Румыніяй сустрэнуцца, як у 2015 годзе на адборы да чэмпіянату Еўропы, то з Нарвегіяй, як у 2019 годзе на кваліфікацыі да чэмпіянату свету. А гэта ж наймацнейшыя каманды свету. І дзяўчаты біліся, гулялі. Здаецца, толькі святло ў канцы тунэля з’явілася — у кваліфікацыі да чэмпіянату Еўропы 2022 унічыю згулялі з Германіяй. У нас заставаліся хатнія гульні. Нам трэба было абгуляць Германію дома ці хаця б згуляць унічыю з лепшым лікам, і выйшлі б у фінальную частку. Але ў лютым пачаліся ваенныя падзеі ва Украіне, і ўсё, нас адхілілі.

— Дарэчы, як беларускі гандбол перажывае гэты непрыемны перыяд адхілення ад міжанродных стартаў?

— Мы, вядома, рукі не апусцілі, хутка сарыентаваліся. Спартсмены не губляюць гульнявую практыку дзякуючы расійскім калегам. Але расіянам нецікава гуляць з намі ў жаночы гандбол. Нашы найлепшыя каманды «Гомель», БНТУ-БелАЗ могуць гуляць толькі супраць пятых-шостых каманд Расіі. Але хоць у хлопцаў усё добра, у сезоне 2022/2023 у SEHA-лізе выступаюць СКА-Мінск, БГК Мяшкоў, «Машэка» і «Гомель». Мы падпісалі дагавор аб супрацоўніцтве з Кітайскай гандбольнай федэрацыяй. Каманды нашых краін праводзяць сумесныя матчы, зборы. Мы арганізавалі сумесную лігу з Расіяй. Дзякуй майму расійскаму калегу Сяргею Шышкарову за тое, што падтрымаў гэтую ідэю і дапамог у яе ўвасабленні.

— Зразумела, што калісьці розум возьме верх і нашы спартсмены вернуцца на міжнародныя турніры. Як вы думаеце, мара аб выступленні беларускай каманды на Алімпійскіх гульнях спраўдзіцца?

— Усе гэтыя гады мы разам ішлі да гэтай мары. Але рэалізаваць яе вельмі складана. Гандбол у свеце развіваюць больш за 190 краін. Наймацнейшыя каманды сканцэнтраваны ў Еўропе. А на Алімпійскія гульні трапляе толькі 12 каманд. Самае галоўнае, што мы за ўсе гэтыя гады сталі рыхтаваць моладзь, была праведзена вялікая работа. Прэзідэнт міжнароднай федэрацыі Хасан Мустафа ў мяне неяк спытаўся, чаму я так імкнуся на Алімпійскія гульні, калі наша каманда і так сярод найлепшых. Я яму патлумачыў, што кіраўнік дзяржавы ставіць перад намі задачу — быць мінімум бронзавымі прызёрамі. Мустафа задумаўся. Мы падвялі сваіх хлопцаў да таго, каб яны маглі змагацца за пуцёўку на Алімпіяду. І яны маглі яе ўзяць. У нас добры склад гульцоў, у нас моцны трэнерскі штаб. Некаторыя могуць сцвярджаць, што Шаўцоў як трэнер састарэў. Але Шаўцоў прафесіянал, які ўвесь час развіваецца, і ў яго ёсць маладыя калегі. Уладзіслаў Кулеш, Арцём Каралёк, Мікіта Вайлупаў, Вадзім Гайдучэнка, Андрэй Юрынак, Вячаслаў Бохан — у нас шмат класных перспектыўных гандбалістаў. І гэтае адхіленне зблытала нам усе планы. Самае крыўднае, што Еўрапейская і міжнародная федэрацыі маглі за нас пазмагацца. Але яны ўсе схілілі галовы перад Міжнародным алімпійскім камітэтам. У кулуарах нам спачуваюць, але палітыка, на жаль, перамагае. Але, нягледзячы ні на што, мы не губляем надзеі і гадуем маладое пакаленне, каб вярнуцца на міжнародную арэну яшчэ мацнейшымі.

— Уладзімір Мікалаевіч, сярод кіраўнікоў беларускіх спартыўных федэрацый вы доўгажыхар. Ці можна стаміцца ад любімага спорту?

— У спорце я жыву актыўным, насычаным жыццём, шмат маю зносіны з моладдзю. Спорт — такая жывая артэрыя, дзе ўвесь час кіпяць падзеі і ўсё мяняецца. Вырашаеш адны задачы — з’яўляюцца іншыя, сумаваць няма калі. І мне гэта не надакучыла, мне падабаецца такі жыццёвы тэмп. І я прыношу карысць любімаму гандболу. Я сваю каманду папярэдзіў, каб яны мне сказалі, калі я стану бескарысным. І сам сабе я сказаў: як толькі ўбачу, што да маіх парад не прыслухоўваюцца, мяне не чуюць і я нічым не магу дапамагчы гандболу — я з лёгкай душой і чыстым сумленнем саступлю сваё месца моладзі.

— А чым вы больш за ўсё ганарыцеся за гэтыя 16 гадоў?

— За час сваёй працы на пасадзе старшыні федэрацыі я больш за ўсё ганаруся тым, што я і мае аднадумцы стварылі надзейны калектыў ад каманды федэрацыі да ўсёй гандбольнай супольнасці ў Беларусі. У нас адкрытасць меркавання, узаемадапамога і ўзаемападтрымка. Мы разам радуемся перамогам і перажываем няўдачы. Мы стварылі добры рэзерв на будучыню. Так, здараюцца асечкі. Напрыклад, на чэмпіянаце свету ў Егіпце мы згулялі неналежным чынам. Але гэта жыццё. Самае галоўнае — што мы маем імкненне і жаданне ісці наперад.

Аўтар: Валерыя СЦЯЦКО, «Звязда»